Навошта палякі вывучаюць беларускую мову?
Каб стаць студэнтам кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, трэба вытрымаць конкурс – лічба маладых палякаў, што жадаюць прафесійна вывучаць беларускую мову, перавышае колькасць месцаў у ВНУ. Для параўнання: у суседняй Расіі, з якой Беларусь ужо некалькі гадоў імкнецца пабудаваць “братэрскую дзяржаву”, няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы, дзе б вывучалася беларуская мова.
І ўсё ж большасць студэнтаў прызнаюцца, што вывучэнне беларускай мовы для іх хутчэй хобі, экзотыка. І наўрад ці яны змогуць рэалізаваць атрыманыя веды на практыцы. Ва ўсялякім разе ў бліжэйшы час.
Так навошта ж польская моладзь пяць гадоў прысвячае вывучэнню мовы, якая і ў Беларусі, мякка кажучы, знаходзіцца ў досыць няпэўнай сітуацыі і не з'яўляецца мовай міжнародных зносінаў?
(Студэнт:)
„Беларуская мова для палякаў больш экзатычная, чым іспанская ці грэцкая!. Многія студэнты толькі ўжо пасля паступлення на беларускую філалогію даведваюцца пра стан мовы ў самой Беларусі – і многіх гэта здзіўляе“.
У той жа час, паводле словаў польскіх студэнтаў, жаданне вывучаць беларускую мову, гісторыю, літаратуру і культуру Беларусі ад гэтага робіцца яшчэ больш моцным. Як гавораць маладыя людзі, сёння ў Еўропе лічыцца прыкметай добрага тону – валодаць дзвума замежнымі мовамі – англійскай і ўсходнеславянскай.
Разам з тым, мала ў каго з выпускнікоў атрымліваецца ўладкавацца згодна спецыяльнасці . Маладзёны кажуць на гэты конт: час беларускай мовы яшчэ надыдзе. “Інакш і быць не можа, бо Беларусь – еўрапейская краіна з вялікай будучыняй”, -- аптымістычна падсумоўваюць студэнты.
(Студэнт:)
„Будучыня ў беларускай мовы, безумоўна, ёсць. Я ўжо больш за чатыры гады вандрую па Беларусі і бачу, як мяняецца стаўленне саміх беларусаў да сваёй мовы – у лепшы бок“.
(Студент:)
„Адрозненне любой нацыі ад іншых народаў менавіта ў мове, культуры. І гэта няпраўда, што беларуская мова мёртвая. Мова, на якой стваралі Купала, Багдановіч, на якой размаўляе беларуская эліта, моладзь, мае вялікія перспектывы. Я ў гэтым цвёрда перакананы“.
Гэткай жа думкі, гледзячы па ўсім, прытрымліваюцца і на польскай тэлевізіі. Першы канал тэлебачання (ТВП1) разам з галоўным выпукам навінаў пачаў трансляраваць і беларускі пераклад блока навінаў. Як адзначаюць супрацоўнікі тэлеканала, такое рашэнне выклікана жаданнем даць беларускім гледачам магчымасць атрымаць незалежную інфармацыю.