1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларуская моладзь імкнецца ў Еўропу

Генадзь Канстанцінаў3 марта 2008 г.

Лідэры моладзевых арганізацыяў абвесцілі пра далучэнне да кампаніі “Еўрапейская Беларусь”. Апроч правядзення акцыяў па папулярызацыі еўрапейскіх каштоўнасцяў, актывісты заявілі пра збор подпісаў за далучэнне краіны да ЕЗ

https://p.dw.com/p/DHVn
Фото: DW/Gennadij Konstantinov

Як адзначыў адзін з лідэраў “Маладога Фронту” Артур Фінькевіч, Беларусь па праву ганарыцца тым, што яшчэ ў сярэдзіне шаснаццатага стагоддзя, дзякуючы пятай у свеце надрукаванай Францыскам Скарынам Бібліі, тром Статутам Вялікага Княства Літоўскага и забяспечанню раўнапраўя хрысціянскіх канфесіяў, краіна стала фактычна своеасаблівым культурным цэнтрам Усходняй Еўропы.

Еўрапейскія выгоды для моладзі

Актывіст грамадзянскай кампаніі “За свабоду” Уладзімір Лемеш адзначыў, што сёння моладзь ёсць амаль самай неабароненай сацыяльнай групай, студэнты не могуць без дазволу кіраўніцтва ВНУ выехаць за мяжу, іх прымусова размяркоўваць па заканчэнні адукацыі. Апроч таго, калі маладзёны з суседніх краінаў могуць бясплатна ездзіць у любую краіну кантыненту, беларусы змушаныя плаціць за візу 60 еўра, што для іх вялікія грошы. Дабівацца бясплатных шэнгенскіх віз, паводле словаў Лемеша, таксама адна з задач кампаніі “Еўрапейская Беларусь”. Апроч таго, перавагі сяброўства ў Еўразвязе, як адзначыў маладзён, і ў наступным:

“З’явіцца магчымасць вучыцца ў еўрапейскіх навучальных установах, нашы дыпломы будуць прызнавацца ў кожнай краіне ЕЗ, з’явяцца большыя магчымасці для міжнародных абменаў вучнямі, студэнтамі і выкладчыкамі. Таксама нашы выпускнікі змогуць працаваць у любой краіне Еўропы, дзе іх веды будуць запатрабаваныя. Таксама знікненне памежных бар’ераў паспрыяе не толькі росту турызму, але і абмену нашых культур”.

Пазітыў для эканомікі

Актывіст “Моладзі БНФ” Антон Каліноўскі закрануў эканамічны аспект пытання. Маладзён адзначыў, што расійскія мільярдныя крэдыты заганяюць Беларусь у фінансавую залежнасць, што адмоўнае знешнегандлёвае сальда за мінулы год склада амаль тры мільярды даляраў. Тым не менш, як адзначыў Антон Каліноўскі, Еўразвяз займае першае ў свеце месца па імпарце тавараў беларускай прамысловасці:

“І гэта пры тым, што зараз дзейнічаюць санкцыі супраць нашай дзяржавы, што з ліпеня 2007 году Беларусь не з’яўляецца ўдзельнікам Сістэмы гандлёвых прэферэнцыяў. У выпадку выканання прапановаў Еўразвязу Беларусь таксама зможа атрымаць дапамогу. Але не ў выглядзе крэдытаў, а інвестыцыяў у эканоміку”.

Мільён подпісаў за еўраперспектыву

Каардынатар кампаніі “Джынс за свабоду” Яўген Афнагель нагадаў пра выказванні некаторых палітыкаў, што ўжо ўвосень можа адбыцца рэферэндум па прыняцці Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы, што, на думку актывіста, можа пагражаць інкарпарацыяй Беларусі ў склад Расіі. Яўген Афнагель перакананы, што толькі ўваходжанне ў Еўразвяз можа стаць гарантыяй незалежнасці Беларусі:

“Мы паставілі перад сабой задачу - разам з астатнімі дэмакратычнымі сіламі сабраць адзін мільён подпісаў грамадзян Беларусі за ўваходжанне ў Еўразвяз. Гэта будзе не толькі дэманстрацыяй еўрапейскага выбару беларусаў, не толькі дэманстрацыяй нашага жадання жыць у свабоднай еўрапейскай краіне, гэта яшчэ і адказ усім тым людзям, якія адмаўляюць Беларусі ў праве на незалежнасць”.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі з пэўнай доляй скепсісу ставіцца да ідэі моладзі:

“Добрыя мэты, аднак, які будзе канкрэтны практычны вынік? Гэта мусіць быць накіраваная і шматгадовая дзяржаўная палітыка. Таму мне падаецца, што ў сэнсе піяраўскім гэтую акцыю можна ўхваляць, у сэнсе паліттэхналогіяў я не думаю, што яна можа даць нейкі значны плён”.

Інфармацыя пра Еўропу

Як заявіў маладафронтавец Артур Фінькевіч, у межах кампаніі “Еўрапейская Беларусь” у бліжэйшыя паўгады:

“Мы будзем праводзіць масавыя мерапрыемствы, акцыі, пікеты, розныя моладзевыя гулянні па еўрапейскай тэматыцы, вывешванні еўрапейскіх нацыянальных сцягоў. Будзем распаўсюджваць агітацыйныя матэр’ялы, газеты, налепкі, улёткі пра выгоды Беларусі ад магчымага ўступлення Беларусі ў Еўразвяз, а таксама пра дванаццаць прапановаў Еўрапейскай камісіі да Беларусі, першая з якіх – вызваленне палітзняволеных”.

Разам адзначыць угодкі БНР

Артур Фінькевіч таксама нагадаў, што за кратамі цяпер застаюцца Аляксандр Казулін і моладзевы актывіст Андрэй Кім, а супраць некаторых актывістаў дэмсілаў і прадпрымальніцкага руху заведзеныя новыя крымінальныя справы. Усе моладзевыя лідэры пацвердзілі намер узяць актыўны ўдзел у акцыі 25-га сакавіка, на 90-я ўгодкі незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Да таго ж, як нагадаў лідэр “Моладзі БСДП” Алесь Стральцоў, менавіта ў той дзень споўніцца два гады з моманту арышту Аляксандра Казуліна.

Апроч таго, лідэры дэмакратычных моладзевых арганізацыяў вырашылі звярнуцца да афіцыйнага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі з прапановай разам праводзіць еўрапейскую кампанію, а таксама ўдзельнічаць у імпрэзах да 90-х угодкаў БНР. Як падкрэсліў Артур Фінькевіч, “проста ў чалавечым плане гэта правільна. Крокі насустрач трэба рабіць у любым выпадку”. “Калі ў нас агульная каштоўнасць – абарона незалежнасці, значыць, мы заўсёды зможам дамовіцца і працаваць разам”, - перакананы Яўген Афнагель.