Правы чалавека: агляд тыдня
9 октября 2009 г.Прадстаўнікі Amnesty International залікаюць прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку памілаваць чалавека, асуджанага да расстрэлу, міністр абароны Беларусі патрабуе спынення палітычнай дзейнасці ў войску, а ў Івянцы працягваецца пераслед не прызнанага ўладамі Саюзу палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс.
Далучыцца да Еўропы
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікае беларускага прэзідента памілаваць прыгаворанага да расстрэла 30-гадовага Васіля Юзэпчука. Адпаведная заява арганізацыі была распаўсюджана 7 кастрычніка.
29 чэрвеня Брэсцкі абласны суд прыгаварыў жыхара Драгічынскага раёна Васіля Юзэпчука да смяротнай кары за ўчыненне шэрагу забойстваў пажылых жанчын, а яго 28-гадовага саўдзельніка Сяргея Гучэнку – да пажыццёвага зняволення з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму. Сам Юзэпчук сваёй віны не прызнаў.
2 кастрычніка калегія Вярхоўнага суда Беларусі па выніках разгляду касацыйнай скаргі па справе Юзэпчука пакінула прыгавор у сіле. Як адзначаецца ў заяве Amnesty International "памілаваўшы Юзэпчука, прэзідэнт Лукашэнка прадэманструе, што Беларусь гатова ўвесці мараторый насмяротную кару і далучыцца да свабоднай ад смяротнай кары зоны Еўропы".
Нагадайма, што ў чэрвені бягучага году адсутнасць мараторыя на смяротнае пакаранне сталася прычынай адмовы ў вяртанні Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі статуса спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы.
Забаронены пікет
Намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дзмітрый Касцюкевіч адмовіў у дазволе на правядзенне пікету яго заяўніку Сяргею Гоўшу. Пікет планавалася прымеркаваць да Усеагульнага дня супраць смяротнага пакарання, які 10 кастрычніка адзначаецца ва ўсім свеце.
Чыноўнік гарвыканкама ў сваім лісце нават не пазначыў сутнасць і прычыны самой адмовы: "заява аб правядзенні пікету ў горадзе Баранавічы 10 кастрычніка 2009 года не адпавядае дзейным нарматыўным актам".
Гэта адмова занепакоіла мясцовых праваабаронцаў, таму рашэнне Баранавіцкага гарвыканкаму будзе абскарджана ў пракуратуру горада.
Армія без палітыкі
Беларускія вайскоўцы будуць абавязаны прыпыніць сяброўства ў палітычных партыях ад моманту прызыву ў армію і да заканчэння тэрміновай службы. Пра гэта заявіў журналістам міністр абароны Беларусі Леанід Мальцаў.
Паводле яго словаў, за неспыненне палітычнай дзейнасці пад час праходжання тэрміновай службы ваеннаабавязаны будзе прыцягвацца да адказнасці ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Мальцаў выступіў на сесіі Палаты прадстаўнікоў з дакладам аб законапраекце аб статусе ваеннаслужачых і агучыў прапанаваныя новаўвядзенні. Законапраект ужо прыняты ў першым чытанні. Датычна таго, што зараз у беларускім войску служаць некалькі вядомых дзеячоў апазіцыі, якіх называюць "палітычнымі прызыўнікамі", міністр абароны заявіў, што палітычная дзейнасць гэтых асоб павінна быць прыпынена ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Як адзначае юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Уладзімір Лабковіч, пакуль што адказнасць вайскоўцаў за ўдзел у палітычных партыях не вызначана. Апроч таго, закон аб палітычных партыях не прадугледжвае прыпынення сяброўства ў партыі з нагоды тэрміновай вайсковай службы. "Гэта робіцца для таго, каб можна было па палітычных матывах пераследаваць апазіцыйна настроеную моладзь, якіх зачастую гвалтоўна прызываюць у войска", - упэўнены правабаронца.
Пераслед актывістаў Саюза палякаў
Беларускія праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што ў Івянцы Брэсцкай вобласці супрацоўнікі праваахоўных органаў ажыццяўляюць ціск на сяброў не прызнанага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс. Міліцыянты наведваюць сяброў арганізацыі і пагражаюць ім звальненнем з працы, вялікімі штрафамі ў выпадку, калі людзі не спыняць сяброўства ў гэтай незалежнай арганізацыі.
У тых, хто некалі рабіў фінансавыя ахвяраванні дзеля аплаты камунальных паслугаў Дома польскага, бяруць узоры подпісаў і пагражаюць пазбаўленнем заробкаў. Праваабаронцы адзначаюць, што апошнім часам улады ўзмацнілі ціск на Івянецкі аддзел Саюза палякаў: Камітэт дзяржаўнага кантролю супольна з міліцыяй і падаткавай інспекцыяй пасля ананімнага допісу ажыццяўлюць праверку фінансавай дзейнасці Дома польскага, а старшыню мясцовай суполкі Тэрэзу Собаль ужо шматкроць выклікалі на шматгадзінныя допыты.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск
Редактар: Уладзімір Дорахаў